- 03 Малітва 1-я, св. Макарыя Вялiкага, да Бога Айца
Малітва 1-я, святога Макарыя Вялікага, да Бога Айца
Божа вечны і Цару ўсяго стварэння, Ты спадобіў мяне дажыць да гэтай гадзіны; прабач мне грахі, што я зрабіў ў гэты дзень учынкам, словам і думкаю, і ачысці, Госпадзі, прыгнечаную маю душу ад усякай нечыстаты плоці і духу. І дай мне, Госпадзі, у гэтую ноч спакойны сон, каб, устаўшы з майго ўбогага ложа, я рабіў угоднае прасвятому імені Твайму ва ўсе дні жыцця майго і перамагаў ворагаў, якія нападаюць на мяне, плоцкіх і бясплотных. І пазбаў мяне, Госпадзі, ад марных думак, якія апаганьваюць мяне, і ад нячыстых жаданняў. Бо Тваё ёсць царства, і сіла, і слава — Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 05 Малітва 3-я, да Прасвятога Духа
Госпадзі, Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, змілуйся і памілуй мяне, грэшнага раба Твайго, і адпусці мне, недастойнаму, і прабач ўсё, чым я саграшыў перад Табою сёння як чалавек, а нават і не як чалавек, а горш за скаціну, вольныя мае грахі і міжвольныя, свядомыя і несвядомыя, тыя, што з-за маладосці і ад злога каварства, і тыя, што ад запальчывасці і з-за нядбаласці. Можа, імем Тваім я кляўся або зняважыў яго ў думках сваіх; або каго папракнуў; або ўзвёў на каго паклёп у гневе сваім, або каго засмуціў, або з-за чагосьці загневаўся; або няпраўду сказаў, або заўчасна спаў, або жабрак прыйшоў да мяне, і я пагрэбаваў ім; або брата майго засмуціў, або пачынаў сваркі, або каго асудзіў; або ўзвышаў сябе, або ганарыўся, або загневаўся; або калі я стаяў на малітве, розум мой злом свету гэтага захапляўся, або хітрыя думкі я меў; або аб`ядаўся, або апіваўся, або бяздумна смяяўся; або злое задумаў, або, дасканаласць чужую ўбачыўшы, пазайздросціў у сэрцы, або непрыстойнае гаварыў, або з граху брата майго пасмяяўся, тады як мае саграшэнні незлічоныя; або пра малітву не дбаў, або іншае што нядобрае зрабіў, не помню, бо ўсё гэта і больш яшчэ зрабіў я. Памілуй мяне, Творца мой і Уладару, панурага і недастойнага раба Твайго, і даруй мне, і адпусці, і прабач мне, як Добры і Чалавекалюбны, каб спакойна лёг, заснуў і адпачыў я, блудны, грэшны і акаянны, і каб пакланіўся і апеў, і праславіў найпачэснейшае імя Тваё з Айцом і Адзінародным Яго Сынам цяпер і заўсёды, і на векі. Амінь.
- 06 Малітва 4-я, св. Макарыя Вялiкага
Што Табе прынясу або чым Табе аддзячу, многашчодры Бессмяротны Цару, шчодры і чалавекалюбны Госпадзі, за тое, што мяне, які лянуецца служыць Табе і нічога добрага не зрабіў, Ты давёў да канца гэтага мінулага дня, скіроўваючы да пакорнасці і спасення душу маю? Будзь міласцівы да мяне, грэшнага, які не мае ніякага добрага ўчынку, аднаві прапашчую маю душу, апаганеную незлічонымі саграшэннямі і адхілі ад мяне ўсе думкі ліхія гэтага бачнага жыцця. Прабач, адзіны Бязгрэшны, мае саграшэнні, якімі перад Табою я саграшыў у гэты дзень свядома і несвядома, словам, і ўчынкам, і думкаю, і ўсімі маімі пачуццямі. Ты Сам, ахінаючы, захавай мяне ад усякага варожага нападу Бажњственнаю Тваёю ўладаю, і невымоўным чалавекалюбствам, і сілаю. Ачысці, Божа, ачысці безліч грахоў маіх. Будзь ласкавы, Госпадзі, вызваліць мяне з пасткі нячыстага, і спасі пакутную маю душу, і ахіні мяне святлом аблічча Твайго, як прыйдзеш у славе, і цяпер дай мне сном без асуджэння заснуць, і ахавай думкі раба Твайго ад летуцення і збянтэжанасці, і ўсё сатанінскае дзеянне адгані ад мяне, і прасвятлі духоўныя вочы майго сэрца, каб не заснуў я смяротным сном. І пашлі мне Ангела міру, ахоўніка і настаўніка душы і целу майму, каб ён ратаваў мяне ад ворагаў маіх; каб, устаўшы з пасцелі маёй, я прынёс Табе ўдзячныя малітвы. О, Госпадзі, пачуй мяне, грэшнага і ўбогага воляю і сумленнем раба Твайго; дай мне, як устану, навучацца слову Твайму, і нядбаласць дэманскую далёка адгані ад мяне праз Тваіх Ангелаў; каб я благаслаўляў імя Тваё святое, і праслаўляў, і славіў Прачыстую Багародзіцу Марыю, Якую Ты даў нам, грэшным, для заступніцтва; прымі ж Тую, што моліцца за нас; бо ведаю, што Яна пераймае Тваё чалавекалџбства і маліцца не перастае. Яе заступніцтвам, і Пачэснага Крыжа знаменнем, і дзеля ўсіх святых Тваіх убогую душу маю зберажы, Іісусе Хрысце, Божа наш, бо Ты Святы і найбольш праслаўлены на векі. Амінь.
- 07 Малітва 5-я
Госпадзі Божа наш, у чым я саграшыў у гэты дзень словам, учынкам і думкаю, Ты, як Добры і Чалавекалюбны, прабач мне. Спакойны сон і ціхамірны падай мне. Ангела Твайго ахоўніка пашлі, каб ён ахінаў і аберагаў мяне ад усякага зла, бо Ты – ахоўнік душ і цел нашых, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
- 08 Малітва 6-я
Госпадзі, Божа наш, у Якога мы веруем і Чыё імя больш за ўсякае імя прызываем, падай нам пры адыходзе да сну палёгку для душы і цела і засцеражы нас ад усякага летуцення і ад бруднай сладастраснасці; спыні памкненне страсцей, пагасі полымя пажаднасці цялеснай. Дай нам захоўваць цнатлівасць ва ўчынках і ў словах; каб, праводзячы дабрадзейнае жыццё, мы не пазбавіліся абяцаных Тваіх даброт, бо Ты благаславёны на векі. Амінь.
- 09 Малітва 7-я, св. Iаана Златавуста
1. Госпадзі, не пазбаў мяне нябесных Тваіх даброт.
2. Госпадзі, збаў мяне ад вечных мук.
3. Госпадзі, розумам ці думкаю, словам ці ўчынкам саграшыў я, прабач мне.
4. Госпадзі, збаў мяне ад ўсякага няведання і забыцця, і маладушнасці, і скамянелае нячуласці.
5. Госпадзі, збаў мяне ад усякае спакусы.
6. Госпадзі, прасвятлі маё сэрца, азмрочанае ліхою пажаднасцю.
7. Госпадзі, я, як чалавек, саграшыў, Ты ж, як Бог шчодры, памілуй мяне, бачачы немач душы маёй.
8. Госпадзі, пашлі благадаць Тваю ў дапамогу мне, каб я праславіў імя Тваё святое.
- 10 Малітва 8-я, да Госпада нашага Iiсуса Хрыста
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля найпачњснейшай Маці Тваёй, і бясплотных Тваіх Ангелаў, а таксама Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Твайго, боганатхнёных апосталаў, светлых і слаўных перамогамі мучанікаў, прападобных і баганосных айцоў і па малітвах ўсіх святых збаў мяне ад цяперашняга нападу дэманскага. О, Госпадзі мой і Творца, Ты не хочаш смерці грэшніка, а хочаш, каб ён перамяніўся і жыў; зрабі перамену і ўва мне, акаянным і недастойным; вымі мяне з пашчы згубнага змея, гатовага паглынуць мяне і звесці жывым у пекла. О, Госпадзі мой, уцеха мая, Ты дзеля мяне, няшчаснага, у тленную плоць адзеўся, вызвалі мяне з бяды і падай уцеху няшчаснай душы маёй. Натхні сэрца маё выконваць наказы Твае, і пакінуць нядобрыя справы, і атрымаць блажэнства Тваё; на Цябе, Госпадзі, я спадзяюся, таму спасі мяне.
- 12 Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзiцы
Добрага Цара Добрая Маці, Прачыстая і Благаславенная Багародзіца Марыя, міласць Сына Твайго і Бога нашага пашлі на пакутную маю душу і Тваімі малітвамі скіруй мяне на добрыя справы, каб астатні час жыцця майго я пражыў беззаганна і з Тваёй дапамогай знайшоў рай, Багародзіца Дзева, адзіная Чыстая і Благаславенная.
- 15 Малітва святога Іаанікія
Спадзяванне маё — Айцец, прыстанішча маё — Сын, покрыва маё — Дух Святы; Троіца Святая, слава Табе.
Дастойна ёсць сапраўды ўблажаць Цябе, Багародзіцу, заўжды Блажэнную і Найчысцейшую, і Маці Бога нашага. Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Госпадзі, памілуй. (Тройчы)
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля малітваў Прачыстай Тваёй Маці, прападобных і баганосных айцоў нашых і ўсіх святых памілуй нас. Амінь.
- 16 Малітва святога Іаана Дамаскіна
Уладару Чалавекалюбны, ці не цяпер ужо ложа гэтае мне будзе труною? Ці няшчасную маю душу Ты асвятліш яшчэ святлом дня? Вось, труна перада мною стаіць; вось, смерць чакае мяне. Суда Твайго, Госпадзі, я баюся, і мукі бясконцай, але зла рабіць не перастаю: Цябе, Госпада Бога майго, я заўжды гняўлю, і Прачыстую Тваю Маці, і ўсе Нябесныя сілы, і святога Ангела ахоўніка майго. Ведаю, Госпадзі, што няварты я чалавекалюбства Твайго, а варты ўсялякага асуджэння і мукі. Але, Госпадзі, хачу я ці не хачу – спасі мяне. Бо калі праведніка Ты спасеш, няма тут нічога вялікага, і калі чыстага памілуеш, няма нічога дзіўнага, бо яны вартыя міласці Тваёй. А вось на мне грэшным праяві дзіўную міласць Тваю, у гэтым пакажы чалавекалюбства Тваё, і няхай мая заганнасць не перавысіць Тваёй невымоўнай добрасці і міласэрнасці, і як Ты хочаш, так упарадкуй жыццё маё.
- 17 Малітва з паклонамi
Кланяюся Табе, Прасвятая Троіца, Адзінасутная, Жыватворчая і Нераздзельная, Ойча, і Сыне, і Святы Духу: верую ў Цябе і, вызнаючы, слаўлю, дзякую, шаную, высока ўзношу Цябе і малю: памілуй мяне, нягоднага раба Твайго. (Тройчы)
Кланяюся Табе, Прасвятая Багародзіца; Народжаным Табою Ты паказала нам святло ісціннае, Царыца неба і зямлі, Надзея безнадзейных, Памочніца нядужым і Хадайніца за ўсіх грэшных. Ты мяне ахавай і абарані ад усіх бед і нястач душэўных і цялесных, і будзь мне, малюся, заступніцай усясільнымі Тваімі малітвамі.
Прасвятая Уладычыца Багародзіца, прымі гэтае малое маленне і прынясі яго Сыну Твайму і Богу нашаму, каб Ён спас і прасвятліў дзеля Цябе душы нашы.
Усе нябесныя чыны – Серафімы, Херувімы, Прастолы, Гасподствы, Сілы, Улады, Начальствы, Архангелы і Ангелы – маліцеся Богу за мяне, грэшнага; я малюся і ўмаляю вас.
Святы вялікі Іаане, Прарок, Прадцеча і Хрысціцелю Гасподні, які пакутаваў дзеля Хрыста і набыў адвагу да Уладара, памаліся за мяне, грэшнага, каб я спасся Тваімі малітвамі.
Святыя Божыя апосталы, прарокі, мучанікі, свяціцелі, поснікі, прападобныя, праведныя, пустэльнікі, чарнарызцы, патрыярхі і ўсе святыя, якія пакутавалі дзеля Хрыста і набылі адвагу да Уладара, маліцеся за мяне, грэшнага, каб я спасся вашымі малітвамі.
Святы Іаане Златавусты з Васіліем Вялікім, Грыгорыем Багасловам і Цудатворцам Мікалаем, і з ўсімі святымі іерархамі, памажыце і памілуйце мяне малітвамі і заступніцтвам вашым перад Богам.
Святыя свяціцелі рускія Міхаіле, Пётра, Аляксіе, Іона, Філіпе і Ермагене са святымі цудатворцамі і пакутнікамі, рускімі князямі Раманам і Давідам, і са святым роўнаапостальным князем Уладзімірам, маліце Бога за мяне, грэшнага.
- 18 Малітва Пачэснаму Крыжу
Няхай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго, і няхай бягуць ад аблічча Яго тыя, хто ненавідзіць Яго. Як знікае дым, так няхай знікнуць; як растае воск ад агню, так няхай згінуць дэманы перад абліччам тых, хто любіць Бога і асяняе сябе знаменнем Крыжа і радасна прамаўляе: радуйся, Найпачэснейшы і Жыватворны Крыж Гасподні, ты праганяеш дэманаў сілаю на табе распятага Госпада нашага Іісуса Хрыста, Які сышоў у пекла і знішчыў сілу дыявала, і даў нам цябе, Крыж Свой Пачэсны, для прагнання ўсякага супастата. О, Найпачэснейшы і Жыватворны Крыж Гасподні! Дапамагай мне са Святою Спадарыняю Дзеваю Багародзіцаю і з усімі святымі на векі. Амінь.
- 19 Малітва 13 -я
Аслаб, адпусці, прабач, Божа, правіны нашы, вольныя і міжвольныя, зробленыя ў словах і ўчынках, свядома і несвядома, удзень і ўначы, розумам і думкаю, — усё нам прабач, як Добры і Чалавекалюбны.
- 20 Малітва 14 -я
Ненавіснікам і крыўдзіцелям нашым прабач, Госпадзі Чалавекалюбны. Дабрачынцам дабро ўчыні. Братам і сваякам нашым задаволь іх прашэнні, якія вядуць да спасення, і дай ім жыццё вечнае. Нядужых наведай і ацаленне ім дай. Тымі, што на моры, кіруй. Падарожным спадарожнічай. Праваслаўным хрысціянам дапамажы ў барацьбе. Тым, хто служыць нам і мілуе нас, грахоў адпушчэнне дай. Тых, што запаведалі нам, недастойным, маліцца за іх, памілуй па вялікай Тваёй міласці. Памяні, Госпадзі, раней спачылых айцоў і братоў нашых і ўпакой іх там, дзе ззяе святло аблічча Твайго. Памяні, Госпадзі, братоў нашых паланёных і вызвалі іх ад усякае бяды. Памяні, Госпадзі, ахвярадаўцаў і дабрачынцаў у святых Тваіх цэрквах, задаволь іх прашэнні, якія вядуць да спасення, і дай ім жыццё вечнае. Памяні, Госпадзі, і нас, прыгнечаных, і грэшных, і недастойных рабоў Тваіх, і прасвятлі наш розум святлом пазнання Цябе, і скіруй нас на шлях запаведзяў Тваіх па малітвах Прачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі і ўсіх Тваіх святых, бо Ты благаславёны на векі вякоў. Амінь.